ТМУТАРАКА́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
старажытнарускае ўдзельнае княства ў 10—12 ст. на тэр. Таманскага і, верагодна, ч. Керчанскага п-авоў (цяпер тэр. Расіі і Украіны) з цэнтрам у г. Тмутаракань. Усх.-слав. насельніцтва тут магло з’явіцца пасля паходаў кіеўскіх князёў Ігара (944) на Візантыю і Святаслава Ігаравіча (965) на аланаў і адыгаў. Упершыню згадваецца ў летапісах пад 988. Да 1036 належала кн. Мсціславу Уладзіміравічу, пазней чарнігаўскаму кн. Святаславу Яраславічу (1026—76) і яго нашчадкам, было аб’ектам дамаганняў інш. рус. князёў і Візантыі. У канцы 11 — пач. 12 ст. пад націскам полаўцаў страціла сувязь з інш. землямі Кіеўскай Русі і спыніла існаванне.
т. 15, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)